Конкурс "Будуем Беларусь з LEGO 2025"  (скончыўся)

 

Конкурс самых неймаверных пабудоў з LEGO па тэме  “БЕЛАРУСЬ”. Гэта можа быць і тое, што наўпрост датычыцца Беларусі ці таго вашага асабістага, што звязвае вас з Радзімай. Конкурс для ўсіх: дзяцей, сямей і дарослых.

 

ЗМЕСТ


ВЫНІКІ КОНКУРСУ:

Прызавыя месцы

Дранікі. Аліса, 8 гадоў

Перамога ў намінацыі "Страва Беларусі"

Я вельмі люблю LEGO і будаваць розныя цікавыя рэчы. На фотаздымке я зрабіла беларускія стравы, якія часта мы гатуем з бацькамі дома. Гэта дранікі са смятанкай, мачанкаю і салам з цыбулькай. Падчас гатавання бацькі распавядаюць мне розныя гісторыі са свайго дзяцінства як гатавалі беларускія стравы іх матулі і бабулі.

 

Бусел. Цімафей, 8 гадоў

Перамога ў намінацыі "Птушка Беларусі"

Гэта бусел (спадзяемся, што падобны, бо, на жаль, у нас не было дэталяў чырвоных і чорных колераў). Мы з Палесся, дзе, на жаль, не былі ўжо чацвёрты год, і гэтая птушка - як сімвал сувязі з Радзімай.

 

 

Зубр і мядзведзь. Максім, 13 гадоў

Перамога ў намінацыі "Прырода Беларусі"

Беларусь асацыюецца ў мяне з месцамі, дзе прыгожая прырода і шмат розных жывёл. Я паказаў магутнага зубра, які можа напалохаць чалавека сваёй моцай, але насамрэч бяскрыўдны і траваедны. Ён разам з мядзведзем вырашыў сфатаграфавацца на фоне беларускага сцяга.
Работу выконваў самастойна, stop-motion анімацыяй таксама займаюся сам.

 

Хата Якуба Коласа. Пётр, 14 гадоў

Перамога ў намінацыі "Людзі Беларусі"

Я пабудаваў хату, у якой нарадзіўся вядомы беларускі паэт – Якуб Колас. Гэта хата знаходзіцца ля горада Стоўбцы у вёсцы Акінчыцы. Яна была пабудавана ў канцы 19 стагоддзя. Мястэчка прадстаўляе сабою 3 пабудовы: сама хата, хлеў і склеп. Яшчэ я дадаў бацьку Якуба Коласа. У мяне ён са стрэльбаю, таму што быў ляснічым. Я дадаў карову і воз. Ідэя зрабіць хату ў якой нарадзіўся Якуб Колас прыйшла аттаго, што я сам са Стоўбцаў і быў нядаўна ў экскурсіі па мясцінах Якуба Коласа. Калі я вырашыў паўдзельнічаць ў конкурсе, то ўспомніў пра гэта і пабудаваў. Бацькі мне не дапамагалі. Горад Стоўбцы ў Мінскай вобласці.

 

 

Мінская Ратуша. Эмілія, 6 год (пры невялікай дапамозе бацькоў)

Перамога ў намінацыі "Архітэктура Беларусі"

Эмілія ніколі не бачыла мінскую Ратушу, бо хоць і нарадзілася ў Мінску, з’ехала з Беларусі ва ўзросце двух гадоў. Маючы белы набор LEGO Architecture, мы без ваганняў выбралі менавіта Ратушу для свайго праекта. Разглядаючы фота і падбіраючы дэталі, Эмілія старалася перадаць асноўныя рысы будынка. У выніку атрымалася кампактная і пазнавальная мадэль, якой яна вельмі ганарыцца. Наш праект паказвае, як дзіця можа праз творчасць аднавіць сувязь з родным горадам, нават знаходзячыся далёка ад яго. 

 

 

Пагоня. Рэксік, 10 год.

Перамога ў намінацыі "Сімвалы Беларусі"

Добры дзень. Я зрабіў гэту працу сам. Хачу каб гэтая Пагоня стаяла на дарозе з Мінска на Гомель, бо на дарозе Мінск - Брэст ужо стаіць такі вялікі Зубр.

 

 

Супергероі будуюць "Беларусь". Мікіта, 9 гадоў.

Перамога ў намінацыі "Будуем Беларусь"

Лега фігуркі абсалютна розных супергерояў і персанажаў фільмаў будуюць “Беларусь” з таго, што ёсць. І ў іх атрымоўваецца!)) 

 

Налібокская пушча. Леона, 8 гадоў

Перамога ў намінацыі "Мая Беларусь"

Камары - крывапійцы. Аднойчы ў чэрвені я паехала ў Налібокскую пушчу. Дарога была цікавая. Яна вяла праз густы лес. Калі мы прыбылі на месца, то пазнаёміліся з хлопчыкам і яго жывёламі. Гэта быў сабака Чарнушка і вы не паверыце гэта быў сапраўдны Ліс! Ён быў сапраўды хатні. Але былі там і дзікія жывёлы, якія ледзь нас не забілі і гэта былі камары! Канец кропка.

 

 

Вольнеры. Ксюша, 9 гадоў

Перамога ў намінацыі "Кнігі Беларусі"

Я захацела зняць гэты ролік, каб дзеці чыталі кнігу Вольнеры, бо яна мне вельмі падабаецца.

 

 

Ганаровыя ўдзельнікі:

Збор ягад у лесе. Даша, 33 гады

Летам збіралася шмат родзічаў разам і мы ехалі ў лес. Рана раніцай. Бралі карзіны, вёдры, і "набірушкі". Потым доўга ехалі па ўхабінах і нарэшце паркаваліся недзе ў лесе. Збор працягваўся некалькі гадзін. Звычайна гэта былі чарніцы. Зусім хутка і рукі, і вусны, і зубы станавіліся фіялетавымі. Мы набіралі поўныя вёдры, і нас нарэшце чакаў абед. Гэта было так смачна! Бутэрброды з каўбасой, сала, памідоры, агуркі і гарбата з тэрмаса. Можна было вяртацца. ...Скончвалася гэтая эпапея толькі дома ўвечары: доўгі перабор і перасартыроўка ягад: на ежу, на замарозку, на варэнікі. Праз паўгады, калі на вуліцы ляжаў снег і панавалі марозы, так прыемна было дастаць з лядоўні кардонку з надпісам "чарніцы" і дадаць іх у кашу, малако, ці кампот...

 

Марозіва Каштан. Ян, 10 годоў.

Кампазіцыя называецца "Каштан" Гэта любімае марозіва Яна, якое ён памятае з Беларусі, каштаваў там, на вуліцах роднага гораду Менску. Ён кажа, што яно самае смачнае ў сусвеце ( з чым згодны яго мама і бабуля). Калі гэтым летам ва украінскай крамы каля Катавіц Ян знайшоў падобнае, то шчацю яго не было мяжы. На мапе можна адзначыць Менск, а дакладней район Малінаўка-4. Там ён гадаваўся ў бабулі ( той,што таксама любіць больш за ўсё Каштан), і там ён яго часта частаваў. Аўтар Ян, 10 год, 4,5 года ў эміграцыі Працу будаваў сам, мама дапамагала мастацкі сфатаграфаваць.

 

 

Балатаход. Сямён, 10 гадоў

Гэта аўтамабіль з частак лега тэхнік з вялікімі коламі і стырнавым кіраваньнем для 1 асобы з дадаткам нітра - прыдатная рэч для паездак па беларускіх верхавых багнах (лякацыя Ельня).

 

 

Тэсла. Алесь, 5 гадоў

Аўтамабіль лімузін Тэсла, разлічаны на 2 асоб, перавозіць толькі беларусаў і толькі ў Беларусі😀. Амартызацыя на спружынах, элетрамабіль. Лакацыя - Горадня. 

 

 


ВОДГУКІ АД НЕКАТОРЫХ УДЗЕЛЬНІКАЎ:

  • Шаноўнае Спадарства, вялікі дзякуй за добрыя словы! Я сапраўды лічу, што атрымалася файна! Нам было цікава пачытаць гісторыі і паглядзець працы-сэрца радуецца, што беларусікі таленавітыя ды яшчэ размаўляюць па-беларуску, чаго, на жаль, у эміграцыі чую вобмаль. Таму спадзяюся ваш дэбютны конкурс стане добрай традыцыяй ды пашырыцца ва ўсе бакі. Дзякуй за ўвагу й клопат! Усяго самага добрага! 
  • Шчыры Дзякуй! Вашае стаўленне да справы, дзяцей і іх пачуццяў натхняе і дае моцы рухацца далей! Вясёлых святаў! Яшчэ раз Дзякуй
  • З Калядамі! І дзякуй яшчэ раз за суперскую ідэю з конкурсам!
  • Сын прасіў перадаць "мільён разоў дзякуй", вельмі шчаслівы! Дзякуй вялікі за ідэю і арганізацыю, няхай бы конкурс жыў і далей!
  • Прывітанне! Дзякуй за такія прыемныя навіны! Сын увесь вечар толькі аб сваёй перамозе і гаворыць!
  • Мы вельмі шчаслівыя і ўдзячныя вам за такі вынік. Словы журы кранулі нас да глыбіні душы. Вялікі дзякуй!
  • Прывітанне! Вялікі дзякуй! Я вельмі рада! 

 

 


Прызёры выбралі сабе LEGO-набор з гэтага спіса:

А ганаровыя ўдзельнікі атрымалі вось такі падарунак:


УМОВЫ КОНКУРСУ:

🗂️  Крытэрыі да вашых LEGO-пабудоў?

  • Lego-пабудовы павінны датычыцца тэмы “БЕЛАРУСЬ” у шырокім разуменні гэтага слова: гэта могуць быць як лёгка пазнавальныя аб'екты, жывёлы, сімвалы, так і штосьці, што звязана менавіта з вашымі ўспамінамі пра Беларусь — стравы, людзі, расліны, гэты спіс можна працягваць бясконца, у ім няма межаў.
  • Lego-пабудова павінна быць унікальнай і прыдуманай вамі (гэта не можа быць нейкі гатовы набор, ці пабудова, зробленая па чужых інструкцыях).

💌  Што трэба адаслаць арганізатарам?

  • фотаздымкі ці відэа, якія паказваюць вашу LEGO-пабудову
  • невялічкую гісторыю (да 100 словаў): апісанне таго, што і чаму вы збудавалі
  • звесткі пра аўтара пабудовы: імя і ўзрост (калі аўтар дзіця, то ці дапамагалі бацькі)
  • каардынаты ці назву мястэчка ў Беларусі, куды на мапу Lego-Беларусь вы хацелі б дадаць ваша стварэнне (апцыянальна)

📅  Куды і калі?

  • з 1 па 30 лістапада 2025 (да 30.11.2025 24:00 CET
  • даслаць усю інфармацыю на пошту: buildbelarus@gmail.com
  • атрымаць пацверджанне, што ваша праца дайшла і ўдзельнічае ў конкурсе

ПРЫЗАВЫ ФОНД:

Прызавы фонд фарміруецца з вольных ахвяраванняў на праект па гэтай спасылцы: https://letemdo.org/belarus-z-lego/

Пераможцы змогуць выбраць сабе падарунак са спіса LEGO-набораў (выкладзем яго бліжэй да заканчэння конкурсу). Набыццё і адпраўка ажыццяўляюцца арганізатарамі з прызавога фонду.

Колькасць прызавых месцаў будзе разлічвацца зыходзячы з Прызавога фонду. Улічваючы, што адзін падарункавы LEGO набор + перасылка прыблізна каштуюць 150 PLN. 

Прыклад разлікаў: 

  • Прызавы фонд: 1000 PLN . Колькасць прызавых месцаў = 7-8. 

Папоўніць прызавы фонд конкурсу вы можаце па гэтай спасылцы: https://letemdo.org/belarus-z-lego/


ПАРАДЫ ДЛЯ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ:


АРГАНІЗАТАРЫ:

Анлайн-школка "Buślanka"
Сайт: https://buslanka.com
Instagram: buslanka_school


МІНУЛЫЯ КОНКУРСЫ:

ЦУД У МАІМ ЖЫЦЦІ