Хто мы?

Мы — супольнасць дарослых і дзяцей, якія любяць Беларусь і LEGO. Гэтая любоў да ўсяго, што кранула сваёй прыгажосцю: людзей, з'яў, момантаў, месцаў, пахаў, гісторый, мараў. Любоў гэтая персанальная, свая, але адначасова і агульная для ўсіх нас.

Мы лічым, што канструктар LEGO выдатна пасуе для размовы пра Беларусь са сваімі дзецьмі і суайчыннікамі па ўсім свеце.

Наша місія

Перадаць дзецям тую любоў, якую мы маем да Беларусі. Узмацніць цёплыя стасункі паміж дзецьмі і бацькамі. Пабудаваць сувязі паміж беларусамі ў розных гарадах і краінах.

Нашы каштоўнасці

  • Каштоўнасць шчаслівага дзяцінства
  • Захаванне таго, што любіш
  • Пераадоленне адасобленасці
  • Апора на сваю ідэнтычнасць
  • Творчасць і развіццё
  • Выхаванне любоўю
  • Празрыстасць і сумленнасць

Гісторыя стварэння праекта

Усё пачалося з конкурсу гісторый для вучняў 2-га класа "Цуд у маім жыцці".

Гэта быў незабыўны досвед цеплыні, даверу і шчырай дзіцячай радасці! Мы атрымалі вельмі добрыя водгукі ад бацькоў удзельнікаў. Гэты досвед натхніў нас, і мы вырашылі ісці далей.

Праз некалькі тыдняў дзеці і настаўнікі зладзілі анлайн-сустрэчу, каб прыдумаць новы цікавы праект. Там і з'явілася ідэя "Будаваць Беларусь з LEGO", на той момант у выглядзе конкурсу. Падчас той сустрэчы мы запісалі невялічкае відэа: дзелімся ім з вамі.

Тое, што прыдумвалася як конкурс, паступова вырасла ў нешта большае — адкрытую прастору для ўсіх, хто хоча дзяліцца сваімі гісторыямі любові да Беларусі. У прастору, дзе мы аб'ядноўваемся, каб разам будаваць Беларусь, якую любім.

Хачаце далучыцца да каманды арганізатараў?

Шукаем у каманду людзей з падобнымі каштоўнасцямі, агнём у вачах і жывой зацікаўленасцю. Калі гэта пра вас, запоўніце гэтую форму: https://forms.gle/qvRTqWn3yEVauQvw7